«СІ́НЯЯ БЛУ́ЗА»,
савецкі тэатр малых форм; від агітацыйнай эстрады ў 1923 — пач. 1930-х г. Узнікла ў Маскоўскім ін-це журналістыкі на базе «жывой газеты»; першапачаткова тэатр.-эстрадны калектыў (удзельнікі выступалі ў сіняй рабочай блузе — адсюль назва). Ініцыятар стварэння і кіраўнік Б.С.Южанін. Выступалі ў клубах, цэхах фабрык і заводаў. Выкарыстоўваўся агітацыйна-паліт. рэпертуар з надзённай тэматыкай; у паказах спалучаліся героіка і патэтыка, сатыра і гумар. Праграмы будаваліся на калект. дэкламацыі, прыпеўках, фізкультурных танцах і інш. «С.б.» паслужыла асновай для стварэння шэрагу прафес. т-раў і дала штуршок да пошукаў новых форм тэатр. і эстрадных прадстаўленняў, паўплывала на развіццё маст. самадзейнасці, на рабочы т-р за мяжою. На Беларусі інтэнсіўны рух «С.б.» пачаўся ў 1924—25 пасля гастролей у Мінску «С.б.» Маскоўскага гар. савета прафсаюзаў. Гурткі «С.б.» існавалі амаль пры кожным клубе рабочых прадпрыемстваў Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Полацка, Барысава, Бабруйска і інш.
т. 14, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)